Артыкулы | Нацыянальны ўніверсітэт | Універсітэт імя Ніла Гілевіча
Нацыянальны ўніверсітэт — адзін з падмуркаў існавання незалежнай Беларусі

 

Першы ўніверсітэт на нашых землях з’явіўся ў XVI ст. у Вільні, дзякуючы Стэфану Баторыю і ордэну езуітаў. І не дзіўна: стварэнне ў Еўропе і за яе межамі цэлай адукацыйнай сістэмы езуіцкіх калегіумаў і акадэмій, у якіх можна было атрымаць на той час якасную адукацыю, было палітыкай ордэна. А другі ўніверсітэт на тэрыторыі Беларусі быў створаны ў Полацку ў выглядзе езуіцкай акадэміі, як гэта было і ў Вільні.

Але гэтыя навучальныя ўстановы не былі нацыянальнымі, яны не рыхтавалі беларускіх патрыётаў, а гадавалі адэптаў каталіцкай царквы. Таму ў аснове адукацыі была латынь. У XVIІІ ст. еўрапейская адукацыя пад уплывам ідэй Асветніцтва і Рэфармацыі паступова становіцца свецкай і нацыянальнай. Выкладанне большасці прадметаў вядзецца ўжо на мясцовых мовах. У Віленскім універсітэце пераважнай мовай навучання становіцца польская. У ХІХ ст. на тэрыторыі Беларусі, якая тады знаходзілася цалкам у складзе Расійскай імперыі, мова навучання з польскай паступова стала рускай, а беларуская фактычна трапіла пад забарону ажно да 1905 г.     

 

Стэфан Баторый

Ордэну езуітаў

Вялікі двор Віленскага ўніверсітэта XIX ст.

БДУ беларускамоўны

 

Пасля лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. ідэя адкрыцця беларускага нацыянальнага ўніверсітэта пачала публічна агучвацца на розных сходах і з’ездах, а з 1918 г. стала адным з накірункаў дзейнасці ўрада БНР. У 1919 г. польскія ўлады аднаўляюць Віленскі ўніверсітэт, а ў 1921-м у Менску (тагачасная назва сталіцы БССР) пачынае дзейнічаць савецкі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (БДУ). Тут у 20-х гадах беларуская мова становіцца адной з моваў выкладання шматлікіх прадметаў на розных факультэтах. А навуковыя супрацоўнікі Інбелкульта, многія з якіх былі беларускамоўнымі, адначасова з’яўляліся і ўніверсітэцкімі выкладчыкамі.

 

Сталінскія рэпрэсіі 30-х гадоў нанеслі велізарны ўдар: многія студэнты і выкладчыкі БДУ былі знішчаны фізічна, а беларуская мова перастала гучаць у сценах універсітэта. У 60-70-х гадах ХХ ст. студэнты беларускага аддзялення філфака БДУ змагаліся за тое, каб іх навучалі па-беларуску, але поспеху ў гэтым змаганні не мелі.

 

Сітуацыя стала паляпшацца толькі ў першай палове 90-х гадоў мінулага стагоддзя, калі беларуская мова стала адзінай дзяржаўнай мовай у Беларусі. За пяць гадоў новай беларусізацыі (1990-1995 гг.) сотні выкладчыкаў ВНУ перайшлі на беларускую мову. Яны пісалі і выдавалі новыя падручнікі, дапаможнікі, слоўнікі, розную метадычную літаратуру. Рэферэндумы 1995 і 1996 гадоў спынілі гэты працэс і павярнулі кола беларускай гісторыі назад у мінулае.

Ўсебеларускі з'езд 1917 года, бел-чырвона-белы сцяг над будынкам народнага сакратарыята БНР (былы дом губернатара)

Уладзімір Пічэта (1878 - 1947)

Першы рэктар БДУ

Змаганне працягваецца

 

Аднак змаганне за беларускамоўную адукацыю ў ВНУ было працягнута. Рада ТБМ зноў узняла пытанне пра стварэнне Беларускага нацыянальнага ўніверсітэта (БНУ). У верасні 1998 г. адбыліся пікеты і мітынгі ТБМ з удзелам моладзевых аб’яднанняў у падтрымку беларускамоўнай адукацыі і стварэння БНУ. Быў накіраваны зварот да старшыні Савета Міністраў Сяргея Лінга і міністра адукацыі Васіля Стражава з патрабаваннем адкрыць нацыянальны ўніверсітэт.

10 кастрычніка 1999 г. Рада ТБМ зацвердзіла ініцыятыўную групу па распрацоўцы Статута і Палажэння аб БНУ. Кіраўніком групы быў абраны акадэмік Радзім Гарэцкі. Наступным крокам было абмеркаванне 12 студзеня 2000 г. канцэпцыі БНУ і канцэпцыі прыродазнаўчага факультэта, а потым апублікаванне гэтых дакументаў. Ужо 7 чэрвеня 2000 г. газета «Наша слова» надрукавала канцэпцыю БНУ, падрыхтаваную Барысам Кітом.

 

Сябры і прыхільнікі ТБМ пачалі збіраць подпісы грамадзян Беларусі ў падтрымку адкрыцця ў Беларусі Беларускага нацыянальнага ўніверсітэта – урэшце каля 50 тысяч. Былі сустрэчы з тагачасным міністрам адукацыі Васілем Стражавым, прадстаўнікамі адміністрацыі прэзідэнта, пісьмы да ўладаў. У выніку ТБМ атрымлівала афіцыйныя адказы, у тым ліку за подпісам першага намесніка Міністра адукацыі А. І. Жука. У ім паведамлялася пра немэтазгоднасць адкрыцця БНУ.

Дзеячы ТБМ змагаюцца за беларускую мову ў 1990-я гады: Ніл Гілевіч (скрайні злева), далей Алег Трусаў, Радзім Гарэцкі, Алесь Лозка,

Вольга Іпатава

Сітуація з адукацыяй

 

Між тым, сітуацыя з узроўнем адукацыі ў нашай краіне, асабліва ў сярэдняй школе, пагаршаецца з кожным годам. Гэтаму спрыяюць розныя аб’ектыўныя і суб’ектыўныя фактары. Да іх можна аднесці перапоўненыя класы ў гарадскіх школах, нізкія заробкі настаўнікаў, праз гэта і непрывабнасць дадзенай сферы для мужчын. Дададзім яшчэ дрэнную падрыхтоўку настаўнікаў у ВНУ, бо на педагагічных спецыяльнасцях часта вучацца самыя слабыя студэнты.

 

У глыбокім крызісе апынуліся і нашы ВНУ, асабліва пасля таго, як іх гвалтам перавялі на 4 гады навучання, і гэта тады, калі нават у СССР усе ўніверсітэты, у адрозненне ад інстытутаў, вучылі студэнтаў 5 гадоў. Нашы студэнты дрэнна ведаюць замежныя мовы (і нават родную беларускую), не ўсё як след ў ІТ-тэхналогіях і сучасных камунікацыях.

 

Пасля далучэння ў 2015 г. да Балонскага працэсу нам трэба імкнуцца да стварэння Нацыянальнай рамкі кваліфікацый, скасавання размеркавання выпускнікоў, выдачы льготных крэдытаў студэнтам прыватных ВНУ, пашырэння інстытуцыйнай аўтаноміі, пашырэння тэрмінаў знаходжання выкладчыкаў і студэнтаў у замежных краінах з мэтай навучання і абменам досведу ў выкладчыцкай і навуковай працы без неабходнасці атрымання дазволу міністэрства.

Кіраўніцтва Універсітэта імя Ніла Гілевіча на адкрыцці канферэнцыі “Нацыянальны ўніверсітэт у 21-м стагоддзі: місія і выклікі”

Першы камень у падмурак

 

Таму зноў быў створаны аргкамітэт па стварэнні БНУ, які плённа працаваў два гады перад стварэннем Прыватнай установы адукацыі «Універсітэт імя Ніла Гілевіча». У 2017 г. старшыня ТБМ Алена Анісім публічна задала пытанне кіраўніку Беларусі аб адкрыцці БНУ і атрымала адказ, які ўпершыню не быў адмоўным. У верасні 2017 г. ТБМ афіцыйна атрымала ў Мінску памяшканне для размяшчэння аргкамітэта па стварэнні будучага ўніверсітэта як структурнага падраздзялення ТБМ. Такім чынам, быў закладзены першы камень у падмурак беларускамоўнага ўніверсітэта. Далейшымі крокамі стала рэгістрацыя Статута і атрыманне ліцэнзіі на дзейнасць БНУ як прыватнай навучальнай ўстановы.

Алег Трусаў

© 2019 Універсітэт імя Ніла Гілевіча

  • YouTube - Белый круг
  • Белый Facebook Icon
  • Instagram - Белый круг