Артыкулы | Урокі Фінляндыі | Універсітэт імя Ніла Гілевіча
Урокі Фінляндыі

Калі гаворка заходзіць пра рэформы, заўсёды хочацца знайсці прыклад таго, што з гэтага можа атрымацца. Не абстрактны, а канкрэтны, у выглядзе пэўнай краіны, поспехі якой было б складана прыпісаць наяўнасці незвычайных прыродных рэсурсаў, спрыяльнага клімату, нейкай асаблівай «ментальнасці», «геапалітыцы» і чаму-небудзь яшчэ.

 

Фінляндыя ў гэтых адносінах для нас прыклад больш чым прыдатны. Рэсурсаў, апрача лесу, па сутнасці, няма. Клімат падобны, калі не горшы. Размяшчэнне ў адносінах да гістарычных цэнтраў цывілізацыі— перыферыйнае. У схільнасці да злоўжывання спіртазмяшчальнымі прадуктамі фіны, відавочна, не саступяць беларусам. Дадамо да гэтага працягласць межаў з агульным усходнім суседам, залежнасць ад яго рынку і паставак энергарэсурсаў. 

Пры ўсім гэтым ВУП на душу насельніцтва ў намінальным вылічэнні ў Фінляндыі перавышае паказчыкі, скажам, у Нямеччыне ці Францыі. Увесь фінскі ВУП у 4 разы большы за беларускі, а насельніцтва— усяго 5,5 млн. Гэта значыць, крыху больш за палову нашага. Дадам: хоць фіны, як нацыя, старэюць, але дэпапуляцыі ў іх не назіраецца — прырост насельніцтва не вялікі, але стабільны.

 

Мабыць, самы важны складнік фінскага поспеху— стратэгія развіцця школьнай адукацыі. Сістэма фінскай адукацыі— сама па сабе з’ява ўнікальная. Па выніках Міжнароднай праграмы ацэнкі ведаў вучняў (PISA) — фіны традыцыйна ў спісе лідараў разам з Паўднёвай Карэяй, Тайванем, Японіяй. Пра фінскую адукацыю напісана нямала захопленых артыкулаў, вучыцца фінскаму досведу не лічаць ганебным амерыканцы і англічане. Замежнікаў у першую чаргу дзівіць, што навучанне ў школе пачынаецца не раней за 7 год; што на працягу першых шасці гадоў навучання няма ні фармалізаваных ацэнак, ні хатніх заданняў; што колькасць заняткаў і, адпаведна, вучэбнай нагрузкі настаўнікаў— адна з найменшых у свеце. Пры гэтым найменшай у свеце з’яўляецца розніца ва ўзроўні ведаў лепшых і горшых вучняў. А якасць адукацыі ў сталічных і правінцыйных школах практычна аднолькавая.

Як гэта атрымалася?

 

Да пачатку1960-х адукацыйны ўзровень насельніцтва Фінляндыі, па сведчанні фінскіх эдуколагаў, быў не вышэйшы, чым у Малайзіі або Перу. Не больш за 10% фінаў сканчалі 9-гадовую сярэднюю школу. А атрыманне ўніверсітэцкага дыплома было наогул чымсьці экстраардынарным. У сярэдзіне1970-х не толькі гэтая сітуацыя была прызнана ненармальнай, але грамадства, спецыялісты, палітыкі прыйшылі да агульнай высновы, што пры адсутнасці прыродных рэсурсаў адзіны шанец на годнае існаванне ў сучасным свеце дае прыярытэтнае развіццё сферы адукацыі. Вынікам гэтай згоды стала беспрэцэдэнтная па сваім значэнні рэформа. Цяпер 12-гадовую сярэднюю адукацыю атрымліваюць амаль усе. Амаль 66% выпускнікоў школ працягваюць навучацца ў ВНУ(гэта адзін з найвышэйшых паказчыкаў у Еўрасаюзе), 50% дарослых ахоплены праграмамі далейшага навучання.

Базавы прынцып фінскай адукацыі — даць роўныя шанцы для ўсіх! Таму ўсе ўзроўні адукацыі, ад дзіцячага садка да дактаранцкай праграмы, фінансуюцца дзяржавай і з’яўляюцца цалкам бясплатнымі. Магчыма, хтосьці, прачытаўшы апошнія радкі, усклікне: «Дык гэта як у Савецкім Саюзе!» Адкажу: не, не так. Такой даступнай як у сучаснай Фінляндыі вышэйшай адукацыі ў СССР не было ніколі. Адрозненні і не толькі ў гэтым.

 

Хто вучыць?

 

Пачнем з таго, што фінам удалося дамагчыся такога сацыяльнага статусу настаўніка, якога ў СССР не было. Прынамсі, у тыя апошнія два дзесяцігоддзі яго існавання, якія я заспеў і мог асабіста ацаніць. Параўноўваць з сучаснай Беларуссю лепш і не спрабаваць. Прафесія настаўніка ў Фінляндыі больш папулярныя, чым ўрача або юрыста. Конкурсы на педагагічныя спецыяльнасці дасягаюць 10, а ў Хельсінскім універсітэце— 20 чалавек на месца(!). Вакансіі настаўнікаў замяшчаюцца на конкурснай аснове. Усе настаўнікі Фінляндыі маюць дыплом магістра, а выхавальнікі дзіцячых садкоў— бакалаўра.

Студэнты наведваюць клас у галіне

ядзернай тэхнікі ў Універсітэце Аалто,

Школе навукі і тэхналогій у Хельсінкі

Феном міжнароднай адукацыі Пасі Сальберг прыбыў у Вашынгтонскі ўніверсітэт

з двухдзённым візітам, дзе ён чытаў лекцыі

на тэму адукацыі ў Фінляндыі

Іншымі словамі: дзяцей вучаць найлепшыя з найлепшых, тыя, хто сапраўды гэтага хоча. Немалаважная дэталь: паводле сацыялагічных апытанняў фінскія мужчыны ў якасці найбольш жаданых спадарожніц жыцця называюць менавіта настаўніц, а ўжо потым лекараў і архітэктараў. Немалаважная таму, што і ў нас вялікая частка школьных настаўнікаў— гэта жанчыны. Натуральна, узнікае пытанне: як так атрымалася? Адразу адзначу, што справа не ў заробках. Гэта значыць, яны, вядома, непараўнальныя з нашымі, але па фінскіх мерках цалкам стрыманыя— крыху вышэй за сярэднія, якія супадаюць, як і ў многіх развітых краінах, з памерам ВУП на душу насельніцтва. У любым выпадку, яны забяспечваюць цалкам годны ўзровень жыцця і ў спалучэнні з традыцыйнымі перавагамі(стабільнасць дзяржаўнага найму, вялікі адпачынак і г. д.) робяць прафесію педагога прывабнай.

 

Але галоўнае нават не ў гэтым. Настаўніцкая праца ў Фінляндыі шануецца ў першую чаргу таму, што яна сапраўды стала творчай. Знешні кантроль за працай настаўніка мінімальны. І гэта абсалютна лагічна— спецыяліст, які вытрымаў такі пільны адбор, павінен карыстацца даверам. Менавіта на гэтым, на даверы, шмат у чым выбудаваная сістэма адукацыі. Не выпадкова адным з першых мерапрыемстваў ажыццяўлення рэформы ў1980-х стала ліквідацыя дзяржаўнай школьнай інспекцыі.

 

Як вучаць?

 

Фармальнае навучанне пачынаецца з 7 гадоў. Менавіта з гэтага ўзросту, не раней, пачынаецца навучанне чытанню і пісьму. У дзіцячых садках асвойваюцца навыкі сацыялізацыі. У форме гульні. Зрэшты, шмат гуляюць у першыя шэсць гадоў навучання і ў школе. Характэрная рыса фінскай школы— 15 хвілінны перапынак паміж урокамі з рухомымі гульнямі на школьным двары. Яшчэ адна характэрная рыса — максімальная інтэграцыя ўсіх, незалежна ад здольнасцяў або асаблівасцяў развіцця. Для дапамогі адсталым прыцягваюць дадатковага настаўніка, альбо памочніка. Звычайна, гэтага або пенсіянеры, або студэнты. Такую дапамогу атрымлівае да 30% навучэнцаў.

Вучні наведваюць ChemistryLab Gadolin

у Цэнтры LUMA

У гэтай вучэбнай гульні дзеці спрабуюць выратаваць палярнага мядзведзя

Усе, хто быў у фінскіх школах, адзначаюць іх асаблівую атмасферу. Каміны ў зонах адпачынку, няма званкоў на ўрокі, няма (во які жах!) школьнай формы, настаўнікі па стылі адзення мала адрозніваюцца ад вучняў, вучні звяртаюцца да настаўнікаў па імені і г. д. Школы звычайна невялікія— 500 вучняў максімум. Агульная колькасць школ 3,5 тысячы— прыкладна такая, як і ў Беларусі, хаця вучняў значна менш. У траціне з іх вучыцца менш за 50 школьнікаў. І апошняе. Аб адсутнасці ацэнак у першыя шэсць год навучання. Гэта не азначае, што дасягненні не застаюцца незаўважанымі. Заахвочванні робяцца ў вуснай форме. У адной фінскай настаўніцы амерыканцы спыталі, чаму яна не праводзіць тэсты і кантрольныя работы. «Я і без тэстаў ведаю, хто чаго заслугоўвае», — адказала яна. А хіба ў добрага педагога па-іншаму?

Чаму вучаць?

 

Гэта, бадай, самае неверагоднае. Базавы навучальны план апошніх трох гадоў навучання ў сярэдняй школе нагадаў мне праграму элітарных каледжаў свабодных мастацтваў. Паглядзіце, як сфармуляваны назвы курсаў: «Мова, тэкст і ўзаемадзеянне», «Структура і значэнне тэксту», «Мова, літаратура, ідэнтычнасць», «Наратыў, літаратура і медыятэксты», «Улада тэксту» і г. д. А як вам наяўнасць у школьнай праграме курсаў па біблеістыцы, дагматыцы лютэранства і праваслаўя? А курс па міжнародных адносінах у ХХ ст. у гістарычным модулі? Модуль па філасофіі прадугледжвае ў якасці абавязковага курс «Уводзіны ў філасофскае мысленне» і курс па сацыяльнай філасофіі ў якасці факультатыву. І гэта не ўсё! Ёсць модулі па этыцы, па сацыяльных даследаваннях (які ўключае курс паліталогіі, эканомікі), па псіхалогіі і, нарэшце, па візуальных мастацтвах. Апісанне курсу займае максімум 15—20 радкоў: пералік навучальных мэтаў і асноўны змест. Усё астатняе настаўнік вольны рабіць самастойна, уключаючы выбар падручнікаў, тэкстаў і г. д.

Хельсінкскі ўніверсітэт

Універсітэт прыкладных навук Хаага-Хелія ў Фінляндыі

Колькі гэта каштуе?

 

Сума выдаткаў на адукацыю ў Фінляндыі— аб’ект зайздрасці шматлікіх міжнародных экспертаў. На адукацыю ідзе 6% ВУП. Прыкладна столькі, у працэнтных адносінах, колькі і ў нас. Выдаткі на аднаго вучня ў абсалютных лічбах значна меншыя, чым, напрыклад, у ЗША. А эфектыўнасць, данесеная на міжнародным узроўні, значна вышэйшая.

Якая нам карысць з гэтага?

 

 

Мне не складана прадбачыць рэакцыю на мой тэкст. Хтосьці скажа, што гэта ўсё з вобласці фантастыкі, іншы паверыць, але заўважыць, што «…мы так усё роўна ніколі жыць не будзем». Хтосьці скажа, што наша школа ўвабрала ў сябе ўсё найлепшае з савецкай, а тая была найлепшай у свеце, і мы не горшыя. Ні даказаць, ні абвергнуць апошняе немагчыма. Па незразумелай прычыне, Беларусь не ўдзельнічае ў міжнароднай праграме ацэнкі якасці ведаў вучняў. Але са свайго боку, маючы 25-гадовы вопыт выкладання ва ўніверсітэтах менавіта першакурснікам, магу канстатаваць пастаяннае зніжэнне ў апошнія дзесяць гадоў ўзроўню іх падрыхтоўкі. Зніжэнне настолькі відавочнае і значнае, што часта, выслухоўваючы ўладальнікаў выдатных вынікаў па ЦТ і годных атэстатаў, я думаю: а ці хадзілі яны ў школу наогул? І яшчэ, пра конкурсы па 10 чалавек на месца на педагагічныя спецыяльнасці я не чуў нават у савецкі час. А зараз пра такія конкурсы туды гаворка не ідзе наогул. Савецкая школа, магчыма, не была такой дрэннай. Якой— сказаць складана. Параўноўваць не было з чым. Праблема не ў гэтым. Савецкая школа— была класічнай школай эпохі індустрыяльнага грамадства. Як і любая іншая, была арыентавана на засваенне трох навыкаў: стараннасць, пунктуальнасць, паслухмянасць. Усё астатняе другаснае, уключаючы змест і аб’ём бясконцых апісальных ведаў. Гэтая эпоха сышла незваротна. Фіны стварылі мадэль школы інфармацыйнага, постіндустрыяльнага грамадства. На гэтай аснове пабудавана эканоміка ведаў— адна з чатырох найбуйнейшых у Еўропе. А яна патрабуе крыху іншых якасцяў, уключаючы крэатыўнасць, уменне рызыкаваць, самастойна ствараць сабе працоўнае месца і г. д. І калі гэтую эканоміку мы вырашылі будаваць, па меншай меры, прамаўляць гэтае словазлучэнне чыноўнікі ўжо навучыліся, то рэформы, падобнай на фінскую, нам не пазбегнуць.

Educa - Фінскі форум адукацыі настаўнікаў

Семінар "Вышэйшая адукацыя Фінляндыі"

які прайшоў у Львоўскім нацыянальным палітыхнічным універсітэце ў кантэксце Балонскага працэсу 

І апошні фінскі ўрок

 

 

Фіны не займаліся капіяваннем чыёйсьці сістэмы адукацыі. Яны яе стварылі цалкам самі. Больш за тое: зробленае імі ішло насуперак міжнародным рэкамендацыям. У аснову рэформы лёг досвед фінскіх настаўнікаў, плюс напрацоўкі псіхолагаў і педагогаў з ЗША і Канады (дарэчы, там незапатрабаваныя), плюс— вядомая доля рызыкі. Пасьві Сахлберг, адзін з архітэктараў і папулярызатараў рэформы адукацыі, часта апраўдвае гэтую рызыку фінскай прыказкай: «Толькі дохлая рыба плыве па плыні». Годная метафара. У тым ліку і для нас. Але ў іншым кантэксце. Трэба спяшацца. Пакуль “рыбу” нашай школы канчаткова не прыбіла да берага.

Павелі Церашковіч

© 2019 Універсітэт імя Ніла Гілевіча

  • YouTube - Белый круг
  • Белый Facebook Icon
  • Instagram - Белый круг